Наверх

«Машына часу» ў ліцэі

22.02.2013 430 Наш край

Купалаўскую «Паўлінку» здольныя паставіць не толькі сталічныя акцёры, але і нашы баранавіцкія ліцэісты.  – «Паўлінка» ў нас атрымалася свая, непаўторная, бо ў спектаклі мы імкнуліся паказаць не жыццёвую драму, а такую асаблівасць беларускага характару, як гасціннасць, – расказвае рэжысёр пастаноўкі «Пра гасціннасць – жартам і ўсур’ёз» Таццяна Радомская.

Дарэчы, некаторы тэатральны рэквізіт, як напрыклад, сала і бульба, быў натуральны!

Пастаноўка – толькі кропля ў моры падзей, якія адчыняюць, дзякуючы намаганням Таццяны Рыгораўны, перад вучнямі ліцэя № 1 скарбніцу беларускай культуры. Год дзесяць таму назад па яе ініцыятыве ў ліцэі быў створаны музей «Вяртанне памяці». Сапраўдная машына часу! Калі вы пераступаеце парог музею, то раптам перамяшчаецеся ў часе на стагоддзе і трапляеце са школьнага асяроддзя ў сапраўдную беларускую хатку – тут і печ, і калыска, і прадметы рамёстваў… Усяго больш за тры сотні экспанатаў, і пра кожны ў Таццяны Радомскай гатовая асобная гісторыя. Вось звычайны ручнік. Гэта для нас ён звычайны.

– А для нашых продкаў ён быў абярэгам. Раней казалі «Пад ручніком прайсці – шчасце знайсці», і нездарма вешалі над уваходам. А ўвогуле ручнік сімвалізаваў чалавечы лёс.

– Наша энцыклапедыя беларускіх традыцый, – кажа пра Таццяну Рыгораўну намеснік дырэктара ліцэя № 1 Ала Долмат.

Некалі па камсамольскай пуцёўцы Таццяна Радомская апынулася ў Пскоўскай вобласці. Там будаваўся інтэрнацыянальны пасёлак Беларускі. Побач жылі людзі 18 нацыянальнасцей. У Доме культуры, які ўзначаліла Таццяна Рыгораўна, прадстаўнікі кожнага народа прэзентавалі сваю кухню, свае танцы і песні.

– І ўсё гэта было шчыра. Няпраўда, што сёння дзецям нецікавыя традыцыі, тым больш родныя. Проста трэба іх моладзі паказаць.

Праз лічаныя месяцы Улад Русак стане выпускніком ліцэя. Шкадуе, што не наведваў куточак беларускай культуры ў мінулым вучэбным годзе, адкрыў для сябе яго зусім нядаўна. Такіх сапраўды зацікаўленых вучняў, якія нягледзячы на падрыхтоўку да паступлення ва ўніверсітэт, знаходзяць час і сілы на неабавязковыя заняткі, можна пералічваць далей: Вікторыя Траццякова, Дзіма Калешка, Алёна Сяцько, Вераніка Ліцкевіч… Як ні дзіўна, у гэтым радку вы знойдзеце і прадстаўнікоў фізмату, па распаўсюджанаму меркаванню, далёкага ад лірыкі профілю. Кажуць, што яны пасля напружаных урокаў матэматыкі і фізікі ў музеі адпачываюць.

– Любоў да вялікай краіны пачынаецца з любві да роднага краю, з ведання сямейных каранёў і мінулага мясціны, дзе ты нарадзіўся, – лічыць Таццяна Радомская.

І хлопцы разам з дзяўчатамі пранікаюцца любоўю, калі даследуюць мінулае баранавіцкай зямлі. Даследчыя працы, выкананыя ліцэістамі пад кіраўніцтвам Таццяны Радомскай, адзначаюцца на гарадской і абласной навукова-практычных канферэнцыях.

Уважліваму чалавеку раскажуць гісторыю нават камяні. Вікторыя Траццякова зацікавілася, сведкамі якіх падзей былі валуны пад Карчова, Палонкай, Сталовічамі. Такім чынам нарадзілася краязнаўчая праца «Пра што распавядаюць камяні».

Што далей? Дзея з прыказкамі ды прымаўкамі пра старажытны абрад сватаўства? Ці, можа, да ліцэістаў на ўрок завітае Каляда? Як у наступны раз будучыня сустрэнецца з мінулым, залежыць ад фантазіі Таццяны Рыгораўны.

Калі адзінаццатыя класы пакідаюць ліцэй, у яе міжволі ўзнікае думка: «А ці знойдуцца новыя аматары куточка беларускай культуры?» Праходзіць верасень новага вучэбнага года. Адчыняюцца дзверы, і нехта кажа:

– Прабачце, калі ласка, мы тут у вас аднойчы былі на экскурсіі і нам спадабалася…

– Вось, знайшліся мае дзеці! – радасна ўсклікае Таццяна Рыгораўна. – Калі яны стануць, дзякуючы беларускаму куточку, хоць крышачку багацейшыя душой, то яго роля будзе выканана.



  • Мы в социальных сетях: