Трыццаць шэсць выданняў алегарычнай аповесці-казкі “Маленькі прынц” Антуана дэ Сент-Экзюперы на трыццаці шасці мовах свету атрымалі ў часовае карыстанне баранавіцкія чытачы.
Перадгісторыя адносіцца да правядзення ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Валянціна Таўлая “Бібліяночы 2024” – штогадовай культурна-асветніцкай акцыі ў падтрымку чытання ў гонар Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права. Сёлета падзеі “Бібліяночы” ў Баранавічах адбыліся 19 красавіка і былі аб’яднаны тэмай “Маленькага прынца”. Філасофскі твор, напісаны ў 1942 годзе, па праве лічыцца адным з шэдэўраў сусветнай літаратуры і не губляе сваёй актуальнасці і сёння. Баранавіцкія бібліятэчныя спецыялісты творча інтэрпрэтавалі знаёмства з літаратурнымі героямі і сюжэтам твора і пагрузілі сваіх чытачоў у свет “Маленькага прынца” праз інтэлектуальныя гульні і спаборніцтвы, узяўшы ў саюзнікі сучасныя інтэрактыўныя тэхналогіі і нават …кулінарыю!
Так, падчас літаратурна-кулінарнага падарожжа ўдзельнікі не толькі насялялі астэроід Б-612 сваімі персанажамі, але і “ажыўлялі” іх на планшэтах з дапамогай спецыяльнага дадатку. А сапраўдным сюрпрызам стала стварэнне планеты Маленькага прынца з бісквіту і шакаладу. Салодкія “планеты” сталі адмысловым сувенірам на памяць аб “Бібліяночы 2024”!
Адметнымі падзеямі бібліятэчнай акцыі сталі сямейны квіз “Аднойчы ў бібліятэцы” і спектакль ценявога тэатра па матывах “Маленькага прынца”.
Папулярныя тэматычныя лакацыі – дзве экспазіцыі, прысвечаныя знакамітаму твору Антуана дэ Сент-Экзюперы. Адна з іх – вулічная экспазіцыя ў рамках праекта “Кніга ў горадзе”, у рамках якой на 15 вулічных стэндах каля бібліятэкі выданне аповесці-казкі з аўтарскімі ілюстрацыямі ў майстэрскім перакладзе на беларускую мову Ніны Мацяш кожны жадаючы можа прачытаць, нават не заходзячы ў бібліятэку. А аматары сучасных гаджэтаў могуць перайсці па QR-коду на бібліятэчны сайт і паслухаць аўдыяверсію “Маленькага прынца” на рускай ці беларускай мовах. Гэта опцыя стала магчымай дзякуючы наладжаным партнёрскім сувязям.
У падтрымку праектнай экспазіцыі ў цэнтральнай бібліятэцы горада дзейнічае тэматычная выстаўка адной кнігі, на якой выданні “Маленькага прынца” розных гадоў і на розных мовах дапоўнены цікавымі фактамі аб аўтары і аб самім творы. І вось прадстаўленая выстаўка папоўнілася выданнямі “Маленькага прынца” на беларускай, казахскай, японскай, баскскай, вьетнамскай, фінскай, іспанскай, румынскай, балгарскай і іншых мовах. Азнаёміцца з выданнямі можна ў сектары літаратуры на замежных мовах ЦГБ імя В. Таўлая на вул. Леніна, 53.
Іна Рушніцкая, загадчык сектара маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая.
Фота прадастаўлена бібліятэкай