Перадаваць у дар музею прадметы, якія маюць гістарычную ці культурную каштоўнасць, – традыцыя з даўнімі каранямі.
На працягу вякоў людзі, прытым рознага дастатку, дарылі музеям розныя прадметы. Ёсць музеі, наогул цалкам складзеныя з прыватных ахвяраванняў.
І ў наш час імкненне зрабіць падарунак знаходзіць водгук у сэрцах неабыякавых людзей, напрыклад, Станіслава Лук’янавіча і Валянціны Сяргееўны Канавалік, жыхароў г. Баранавічы. Сціплая і бескарыслівая пара перадала ў дар экспазіцыйнай зале прадметы традыцыйнага хатняга ўжытку і гаспадаркі сярэдзіны ХХ ст., а таксама створаны асабіста гаспадаром макет адзінай на Беларусі трохкутнай царквы Святой Троіцы, што знаходзіцца ў в. Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна.
Станіслаў Лук’янавіч – майстар на ўсе рукі. Але найбольш захапляецца вырабам макетаў вядомых у нашай акрузе храмаў. З любоўю ён выканаў і макет роднай хаты, школы, што ў в. Вялікія Шастакі Дзятлаўскага раёна. У творчай працы першым паплечнікам майстра выступае жонка Валянціна Сяргееўна.
Пераглядаючы перададзеныя імі прадметы, нельга не адзначыць хлебную лапату, якой пайшло ўжо другое стагоддзе. Побач з ёй цёрла – гэта гліняная макітра з песцікам для перацірання зёлак, а таксама тэблі, путы і іншыя цікавыя рэчы, якія, на вялікі жаль, выходзяць з ужытку, і памяць аб іх паступова губляецца.
Гэтыя прадметы хутка з’явяцца ў экспазіцыі цэнтра рамёстваў.
Іна ГАНЧАР