20 кастрычніка Цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота зноў у каторы раз сабрала ў сваіх сценах таленавітых, адданых роднаму слову і літаратуры землякоў. Трэба адразу адзначыць, сустрэча была зусім не выпадковая. Менавіта гэтую дату можна будзе з упэўненасцю лічыць днём нараджэння чарговага сумеснага праекта бібліятэчнай сістэмы Баранавіцкага раёна і літаратурна-музычнай гасцёўні “Крыніца” (кіраўнік – Раіса Раманчук), пасяджэнні якой будуць праходзіць у раённай бібліятэцы.
Хочацца падкрэсліць, што ідэя гэтага праекта нарадзілася не на пустым месцы. Падставай для яго стварэння стала плённая работа літаратараў Баранавіччыны і супрацоўнікаў бібліятэк раёна. Неаднойчы мы сустракаліся на раённых мерапрыемствах, а ўдзельнікі літаратурных аб’яднанняў “Ліра” і “Крыніца” часта станавіліся пачэснымі гасцямі і непасрэднымі ўдзельнікамі бібліятэчных святаў. Бібліяфэст, Навамышскія навукова-краязнаўчыя чытанні, прэзентацыя сборніка “С.Т.Р.О.К.І”, Корнеўскія чытанні, работа бібліятэчнай пляцоўкі падчас правядзення святаў “Восень у Завоссі” і “Крашынскі перазвон” – вось толькі невялікі пералік сумеснай дзейнасці.
У фармаце свята прайшла і гэтая сустрэча. Часцінкай свайго глыбокага таленту і шчырымі, натхняючымі вершамі шчодра дзяліліся Раіса Раманчук, Наталля Маёрава, Марыя Філіпава, Людміла Шувалава, Валянціна Агіявіч і Антаніна Аўчыннікава. Іх вершы, напоўненыя калі задуменнай пяшчотай, калі непадробным гумарам, не маглі пакінуць абыякавымі сэрцы слухачоў. Такое ж моцнае ўражанне пакінулі і салісты ансамбля “Беспокойные сердца” Ігрычан Лючыя, Цымбалава Іна (Баранавіцкі ГДК) і выканаўцы Навамышскага СДК, чые песні гучалі падчас мерапрыемства.
Напрыканцы сустрэчы дырэктар Баранавіцкай раённай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Лайша адзначыла:
- Часам здараецца так, што людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, з цягам часу пачынае яднаць і шчырае сяброўства. Так адбылося і ў нашым выпадку. І сёння хочацца не толькі шчыра падзякаваць творцам за падораны добры настрой і натхненне, але і нагадаць, што літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца” будзе рада прыняць пад сваё крыло ўсіх таленавітых аўтараў Баранавіцкага рэгiёна i Брэсцкай вобласцi, а мы ў сваю чаргу жадаем праекту і яго ўдзельнікам творчага натхнення, таленавітых ідэй і плённай працы на ніве папулярызацыі роднага літаратурнага слова.
Святлана КРОПАТАВА, загадчык аддзела выдавецкай дзейнасці Баранавіцкай раённай бібліятэчнай сістэмы