Наверх

Фотарэпартаж. Як праходзіла прэзентацыя паэтычнага зборніка Таццяны Яцук у баранавіцкай бібліятэцы

21.02.2024 389 Наш край

prezentatsiya20-02_7.jpg21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Цудоўным падарункам для чытачоў цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая  напярэдадні знакавай даты стаў чарговы зборнік баранавіцкай пісьменніцы Таццяны Яцук. Прэзентацыя кнігі паэзіі з філасофскай назвай “Мудрасць вечара” адбылася 20 лютага ў чытальнай зале бібліятэкі.

Таццяна Яцук нарадзілася на Навагрудчыне, у вёсцы Радагошча. Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Жыве ў Баранавічах, працуе настаўніцай. Паэтэса – даўні сябар бібліятэкі, кіраўнік літаратурна-творчага аб’яднання “Купальскія зоры”. Яе імя вядома не толькі ў Баранавічах, але і ў многіх куточках нашай краіны. Таццяна Мікалаеўна – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, аўтар 15 паэтычных выданняў, у тым ліку чатырох кніг для дзяцей, сааўтар каля 50 калектыўных зборнікаў.

prezentatsiya20-02_2.jpgНовая кніга Таццяны Яцук “Мудрасць вечара” ўбачыла свет у пачатку гэтага года ў выдавецтве “Звязда”. Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што кніга выйшла пры падтрымцы дырэктара выдавецкага дома Алеся Карлюкевіча. Укладальнікам зборніка стаў вядомы беларускі паэт Віктар Шніп. Прыемнай нечаканасцю для ўдзельнікаў сустрэчы стаў прыезд вядучага спецыяліста аддзела рэалізацыі выдавецкага дома “Звязда” Людмілы Драздовай.

prezentatsiya20-02_3.jpg“Мудрая” назва паэтычнага зборніка Таццяны Яцук трапна адлюстроўвае змест вершаваных твораў, сабраных пад адной вокладкай. “У мудрасці прашу заспакаення, па-філасофску па жыцці іду…”, – адзначыла ў адным з іх аўтар. Зборнік складаецца з пяці раздзелаў, кожны з якіх аб’яднаны агульнай тэматыкай. Знаёмячыся з кнігай, атрымліваеш асалоду ад шчырага паэтычнага слова, разам з аўтарам імкнешся паразважаць над пытаннямі, якія перад кожным з нас ставіць жыццё, захапляешся хараством прыроды і веліччу кахання. Праз усю творчасць паэткі чырвонай ніткай праходзіць тэма любові да Радзімы і свайго народа:

…Я ўсё жыццё малюся за спакой,
За васільковы ўсплеск нябёсных высяў,
Каб ранкі знакам мудрасці павіслі
Над васільковаю маёй зямлёй.

Падчас прэзентацыі прысутныя маглі пераканацца ў тым, што Таццяна Мікалаеўна – цікавы суразмоўца і апавядальнік. Яна з захапленнем знаёміла гасцей вечарыны са сваёй творчасцю. Пранікнёна гучалі вершы з новага зборніка ў аўтарскім выкананні.

prezentatsiya20-02_4.jpg

prezentatsiya20-02_5.jpg

prezentatsiya20-02_6.jpgНа вершы Таццяны Яцук напісана больш за 20 песень, некаторыя з іх прагучалі ў выкананні мясцовых творцаў: Ірыны Мезенцавай, Галіны Бабонавай і Рэгіны Скіпар.

prezentatsiya20-02_1.jpgУсе жадаючыя маглі набыць зборнік “Мудрасць вечара” з аўтарскім аўтографам.

prezentatsiya20-02.jpgНадзея КІПЕЛЬ, вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя В. Таўлая

Фота аўтара

БОЛЬШ ФОТА




  • Мы в социальных сетях: