
5 лютага ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая адбылася творчая сустрэча са старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам выдавецтва “Беларусь” Алесем Карлюкевічам і дзіцячай пісьменніцай Наталляй Андрасюк.
Алесь Карлюкевіч не ўпершыню наведвае Баранавічы. У сакавіку мінулага года ў гараджан ужо была магчымасць пазнаёміцца з вядомым пісьменнікам, журналістам і краязнаўцам падчас сустрэчы ў бібліятэцы. Нагадаем, што Алесь Мікалаевіч з’яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, Міжнароднай прэміі “Зоркі Садружнасці”, літаратурнай прэміі “Залаты купідон”, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Алесь Мікалаевіч паабяцаў, што такія сустрэчы абавязкова атрымаюць працяг і слова сваё стрымаў. На гэты раз ва ўсіх прысутных была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з пісьменніцай з Брэста Наталляй Андрасюк, аўтарам захапляльнай серыі дзіцячых кніг у жанры фэнтэзі «Необыкновенные приключения Гаввара и Кундоса». Наталля толькі пачынае свой шлях у літаратуры, але яе творы ўжо палюбіліся многім юным чытачам. Першыя кнігі пісьменніцы выйшлі ў свет у выдавецтве “Беларусь”, дзякуючы яе перамозе ў рэспубліканскім літаратурным стартапе аўтараў LitUP, арганізаваным Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Аповесці Наталлі Андрасюк адрозніваюцца глыбокім разуменнем дзіцячай псіхалогіі, тонкім гумарам і ўменнем размаўляць з дзецьмі шчыра і даверліва.

“Мая мэта – данесці да маленькіх чытачоў, што дабро заўсёды перамагае зло, але для гэтага трэба стаць па-даросламу адказным і бачыць свет праз прызму правільных каштоўнасцей”, – расказала пісьменніца.


Сустрэча, якая праходзіла ў аддзеле галіновай літаратуры, праляцела як адно імгненне. Наталля Андрасюк расказала пра творчы шлях, падзялілася гісторыямі стварэння сваіх кніг і раскрыла сакрэты натхнення. Алесь Карлюкевіч пазнаёміў прысутных з навінкамі выдавецтва “Беларусь”, адказаў на пытанні.
Напрыканцы мерапрыемства кожны жадаючы мог набыць кнігі выдавецтва “Беларусь”, у тым ліку аўтарства Алеся Карлюкевіча і Наталлі Андрасюк.

Мерапрыемства наведалі студэнты і выкладчыкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, навучэнцы тэхналагічнага каледжа, школьныя бібліятэкары, мясцовыя пісьменнікі і аматары літаратуры.

Надзея КIПЕЛЬ, загадчык аддзела галіновай літаратуры ЦГБ імя В. Таўлая
Фота Вольгі ТУГАВАЙ