15 верасня супрацоўнікі цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. П. Таўлая аб’явілі Днём адчыненых дзвярэй і падрыхтавалі цікавую праграму для розных катэгорый чытачоў.
Многія вырашылі ў гэты дзень зрабіць сямейны візіт у бібліятэку. Тым больш, што ў межах акцыі “Бібліятэка + Сям’я = ?”, іх чакалі шматлікія сюрпрызы: ад дзіцячай пляцоўкі па складанню канструктараў і настольных гульняў да чаявання і пачастункаў смачнымі пірагамі. Падрыхтаваная выстаўка літаратуры па сямейнаму выхаванню, педагогіцы і псіхалогіі таксама карысталася попытам. Кнігі з яе паліц актыўна запісваліся ў чытацкія фармуляры маладых мам. У якасці падарунка кожны наведвальнік атрымліваў сцяжок з надпісам “Я люблю чытаць”, а дзеткі пакідалі бібліятэку з каляровымі паветранымі шарыкамі.
Адкрыты фармат сустрэчы ў бібліятэцы быў выкарыстаны для падзякі шматлікім гаражанам, якія бескарысліва дзеляцца сваім кніжным багаццем з бібліятэкай. Выстаўка-падзяка «Книги, подаренные читателями» знаёміла з падарункамі апошняга часу. Шматлікія выданні з выстаўкі адразу ж знайшлі свайго чытача як, дарэчы, і новыя паступленні ў фонд абанемента, што таксама дэманстраваліся ў гэты дзень на кніжных вітрынах. Чытачы зрабілі свой узнос у фарміраванне выставачнай прасторы бібліятэкі. Іх рэкамендацыі любімых кніг бібліятэкары паклалі ў аснову пабудовы літаратурнага подыума.
Дзень бібліятэк прынёс добры настрой і задавальненне не толькі супрацоўнікам ЦГБ ім. В. П. Таўлая. Чытачоў, якія не змаглі своечасова вярнуць кнігі ў бібліятэку, запрасілі прыняць удзел у акцыі даравання і вярнуць затрыманыя дакументы, без фінансавых і маральных санкцый.
А між тым, дзверы цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. П. Таўлая адчынены для гаражан штодня з 10.00 да 19.00 без выхадных і абедзенага перапынку.
Наталля Врублеўская, загадчык аддзела метадычнай і аналітычнай работы ЦГБ імя В. П. Таўлая.