Наверх

Дзень славянскага пісьменства і культуры ў гімназіі № 1 г. Баранавічы прайшоў у межах навукова-культурнага фестывалю

26.05.2022 611 Наш край

24 мая на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта праходзіў навукова-культурны фестываль “Беларусь і Расія: рэалізацыя моладзевых ініцыятыў”, прысвечаны Дню славянскага пісьменства і культуры. Фестываль быў арганізаваны ў выглядзе тэлемоста паміж Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам і Тульскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Л.М. Талстога.

Гімназія № 1 г. Баранавічы, на базе якой працуе філіял кафедры філалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, прыняла актыўны ўдзел у міжнародным мерапрыемстве. Так, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дзмітрый Сяргеевіч Томчык выступіў з навукова-папулярным дакладам “Дзейнасць Кірылы і Мяфодзія ў рэчышчы стварэння і распаўсюджвання славянскага пісьменства”, у якім адзначыў пытанні стварэння азбукі святымі братамі, выкарыстанне кірылічнай і глагалічнай азбукі на сучасным этапе ў Беларусі і Расіі, значэнне кірыліцы і глаголіцы ў культурнай прасторы ўсяго славянскага свету.

Мадэратарам круглага стала з’яўлялася загадчык кафедры філалогіі кандыдат педагагічных навук дацэнт Таццяна Міхайлаўна Пучынская, якая адзначыла важнасць пастаўленых пытанняў, іх практычную і адукацыйную скіраванасць.
den-slavyanskoj-pismennosti_2.jpg
Таксама ў межах навукова-культурнага фестывалю праводзіўся конкурс навуковых і творчых работ, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Вучні 8 “В” класа Аляксандр Кузьмін, Дар’я Пташук і Аксіння Рапінчук пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Д.С. Томчыка падрыхтавалі навуковую работу “Яшчэ раз пра прыметнік і яго асаблівасці праз прызму стараславянскай мовы”, у якім разгледзелі пытанне, як веданне звестак са стараславянскай мовы дапамагае ў вызначэнні лексіка-граматычных разрадаў прыметніка сучаснай беларускай мовы. Работа вучняў была адзначана дыпломам 3-й ступені. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца на ўрачыстым пасяджэнні навукова-тэхнічнага савета Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта 7 чэрвеня 2022 года.

Адміністрацыя гімназіі № 1 г. Баранавічы выказвае падзяку кафедры філалогіі за развіццё навуковых, адукацыйных і культурных сувязей паміж установамі адукацыі, што спрыяе лепшай падрыхтоўцы вучняў і развіццю іх творчых і метапрадметных здольнасцей.

 Дзмітрый Томчык, настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Баранавічы




  • Мы в социальных сетях: