Наверх

«Данясці. Не згубіць. Зберагчы!»

17.08.2013 374 Наш край

Сёлета ў жніўні з’явілася нагодаnзгадаць у газеце пра нашага земляка Венанцыя Вікенцьевіча Бутрыма ў сувязі з 10-годдзем яго сыходу з зямнога жыцця.

На падвойнае пытанне чытача «Хто такі і дзеля чаго?» адкажу наўпрост: Венанцый Бутрым, на маю думку, – найлепшы беларускі паэт, які кольвечы жыў ці будзе жыць у Баранавічах. Кажу гэта з улікам глабалізацыі – паглынання вялікімі мовамі і масавымі культурамі малых.

Усяго дзве кніжачкі беларускіх вершаў – «У барвах зямлі» і «Паралелі», старонак па 80 кожная, пакінуў нам у спадчыну Венанцый Бутрым. Але тут справа не ў колькасці, а ў якасці. Паэзія Бутрыма – сапраўдная магія прыгажосці, подых духу. Ім створана ладная гронка вершаў, вартых алімпа нацыянальнай літаратуры.

А яшчэ ж ёсць зборнічак яго рускамоўнай паэзіі «В пространстве и времени», многія вершы з якога выклікаюць здзіўленне і захапленне ў паэтычнай рускамоўнай інтэрнэт-прасторы. Выдадзена кніга яго празаічных твораў «Маўклівыя сумныя птушкі», напісаных аўтарам на беларускай і рускай мовах.

Па адукацыі і прафесіі, як і па светаадчуванні, Венанцый Бутрым быў мастаком і нават працаваў  у камбінаце з красамоўнай назвай «Мастацтва».    

Для тых, хто ўсведамляе творчую значнасць асобы Венанцыя Бутрыма, сёння кожная яго карціна, эцюд, малюнак, рукапіс, кніга, відыёзапіс пра яго набываюць асаблівую каштоўнасць.

Сапраўдным шчасцем лічу, што знаўся з творцам, дапамагаў і пры яго жыцці і пасля ў выданні яго кніг. А вось цяпер узнікла мара выдаць аўдыёкнігу вершаў  Венанцыя Бутрыма. Вельмі хораша б яго вершы гучалі ў выкананні  яшчэ аднаго нашага гараджаніна – таленавітага музыкі і спевака Фёдара Жыляка, аб чым ужо была з ім папярэдняя размова. Студыя гуказапісу ў гарадскім Доме культуры ёсць,  выдаткі спа-трэбяцца мінімальныя – праца гукааператара і чытальніка. Застаецца ў гэтай справе спадзявацца на разуменне і дапамогу асоб, што кіруюць культурай горада.

Увазе чытачоў прапаную падборку  «летніх» вершаў Венанцыя Бутрыма.

Венанцый Бутрым

 «Святліца».

 

                    * * *

Флёксаў купіны тлеюць. А змрок

акрыяў, загусцеў, ападае.

Да акорда акорд – і вянок,

што не вяне і цвет не губляе.

 

І цямней, і цямней. І пара

на дабранач сказаць тыя словы,

каб спакойна заснула трава,

і дзіванны схілілі галовы.

 

Нібы голас дзяцінства – ледзь чутны,

нібы пах несабранага мёду!

І зліліся харалам магутным

дні: калыскі, жніва, адыходу.

 

Прыдзе час – усё патоне ў начы.

Данясці. Не згубіць. Зберагчы!

 

                    * * *

                                        М.М.Ш.

Дзеля славы нязгаснай – красы

пацалункамi лiпеньскай ранiцы

расцвiлi ў першых днях касачы.

Спакваля, на зары, на свiтаннi…

 

Сiла нашай зямлi перайшла

праз карэннi ў тугiя пялёсткi

сiнiм, жоўтым – адбiткам святла,

сцюжай зiм, пазалотаю вёснаў.

 

Каб спявалi ў жаночай руцэ.

І каб новую песню складалi

новы Альбрэхт i новы Вiнсент.

 

Ну i ты, мой шаноўны Мiхале.

Не скупiцца на колер абшар

тым, хто ўбачыць, пазнае, адчуе…

 

 

                    * * *

                                      Алесiку

Там, за вадою, светлыя пяскi

смугой лiловаю закрыла,

узняўся вецер, мчыць на пругкiх крылах

і пляжыць лазнякi.

 

Ўбiвае ў небасхiл ружова-белы штых

маланка-блiскавiца.

Яе не ўтаймаваць, прад ёй адно скарыцца!

I Сож сiвы прыцiх…

 

А наш маленькi спiць, перамагло…

Нясе па хвалях сну крыштальнае вясло…

На захад сонца йшло, як радасны асiлак,

і рукi матчыны, i лёгкай хмаркi цень,

і напалохаў чмель, i крапiва ўкусiла…

Якi шчаслiвы i бясконцы дзень!

 

                    * * *

Млява шэпчуць стамлёныя губы –

лiсце скаргу бясконца вядзе

у чаканнi бяды або згубы:

навальні… Навальніца ідзе!..

– Адарвешся ад роднай галiны –

i выгнанне – жабрацтва i смерць!

Гоман дробны, глухi, безупынны:

– Што ж цяпер? Што ж цяпер?..

Сiне-белым ускiнецца ў хмарах –

трацiш слых i цямнее ў вачах,

бо зарнiцай бiблейскiх пажараў

працiнае знямелы абсяг…

А ў тунэлi начнога маўчання

занясе, паўтараючы зноў,

то азёрна-аернаю тванню,

то жывiцай прагрэтых лясоў…

Што ж цяпер? Пад нажамi маланак

кiламетры распятай зямлi

у надзеi, жаданнi спантанным

каб дажджы стараной не прайшлi…

Ну а мне? Тэлефон не паклiча.

Ліпне духмень на рукi i твар.

I дрыжыць – на суцэльнасць разлiчаны!.. –

на фрагменты iрвецца абшар:

то губляюць камлi мае дрэвы,

то мiж хмарамi кроны нясе.

I грымiць на паўтор, перапевам,

што, нядбайны, я страцiў цябе.

 

 

                      * * *

                                   Дануце Бічэль

…Змые пыл, жыватворным напоiць –

ажыве, расцвiце, усмiхнецца…

Неспадзеўкі раскажа пра тое,

што драмала i ў думках, i ў сэрцы.

Прынясе цёплым ветрам здалёку,

з ператканых праменнямi даляў,

буслянятак няўрымслiвых клёкат,

перазвоны крынiчных крышталяў,

шапаценне вярбы, плёскат хвалi,

шолах лоз, асакi i чароту.

I трывогi ацiхлi, апалi,

разам з рэхам апошнiх грымотаў…

Праспявае зусiм нечаканым,

дзень будзённы, як свята, расквецiць.

I зашэрхнуць, загояцца раны.

I не будзе ўжо болю на свеце,

страт, нападаў, гвалтаў i боек,

ганьбы нават нязначных падманаў.

Неўпрыкметна пасохне благое.

I ачнецца амаль беззаганны

цiхi вечар пасля навальнiцы

над табой, над дарогай, над Краем.

Недзе чуў пра такое… Як снiцца…

Што ж, бывае.



  • Мы в социальных сетях: