Наверх

Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў баранавіцкія бібліятэкары стварылі комплекс інтэлектуальна-гульнявых рэсурсаў

04.07.2024 234 Наш край

У 2024 годзе спаўняецца 80 гадоў з дня вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да знамянальнай даты ў структурных падраздзяленнях дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Баранавічы» запланаваны і рэалізуецца ў жыццё комплекс тэматычных сацыякультурных мерапрыемстваў для розных катэгорый насельніцтва. Значная частка з іх мае ярка выражаны краязнаўчы характар і стваралася з мэтай захавання памяці аб падзеях ваенных гадоў, што адбываліся ў нашым горадзе, які, дарэчы, сёлета таксама святкуе 80-гадовы юбілей вызвалення, і аб людзях, якія маюць непасрэднае дачыненне да гэтых падзей.

Шэраг анлайн- і афлайн-віктарын, інтэлектуальных патрыятычных гульняў і крыжаванак, конкурсных матэрыялаў, аналітычна-метадычных комплексаў з матэрыяламі для стварэння сцэнарных распрацовак – усё гэта для зручнасці карыстальнікаў сістэматызавана і сабрана ў адзіным вэб-рэсурсе на бібліятэчным сайце пад афіцыйным банерам «80 гадоў вызвалення Беларусі». Большая частка прадстаўленых рэсурсаў мае статус практычных дапаможнікаў. Важная акалічнасць: інтэрактыўная састаўляючая вызначае амаль усе прапануемыя матэрыялы. 

Асаблівасцю краязнаўча-патрыятычнага турніру «Да дня вызвалення г. Баранавічы» з’яўляецца выкарыстанне адразу некалькіх лічбавых сэрвісаў для яго стварэння. Прыцягальны для карыстальнікаў фармат дыялогавых картак вызначае смарт-віктарыну «Мой горад у полымі вайны…».
Каштоўнасць анлайн-віктарыны «Мужнасці вечны агонь нязгасны» ў тым, што кожнае пытанне ўтрымлівае цікавы і важны факт з гісторыі роднага горада ваеннай пары і нават пры памылковым адказе ў карыстальніка адкладваецца ў памяці карысная інфармацыя. Прадстаўляюць цікавасць для карыстальнікаў таксама віктарыны з множнымі варыянтамі адказаў «Калі палаў мой край у агні», «Беларусь помніць!» і іншыя тэматычныя рэсурсы ўласнай генерацыі.

Цікавы прыклад вэб-кантэнту краязнаўча-патрыятычнага характару – анлайн-гульня «Помніць горад, не забудзе ніколі!». Пры яго стварэнні бібліятэчныя спецыялісты пастараліся ахапіць не толькі гістарычны інфармацыйны сегмент, але і кнігазнаўчую састаўляючую, дабавіўшы ў рэсурс пытанні на веданне кніжных выданняў па гісторыі Баранавічаў ваеннага часу. Цікавая адмысловая знаходка аўтараў-укладальнікаў – пытанні па тэматычных публікацыях баранавіцкай рэгіянальнай газеты «Наш край». 

Маштабнай сацыякультурнай падзеяй агульнагарадскога значэння патрыятычна- і літаратурна-краязнаўчага кшталту стала адкрыццё алеі баранавіцкіх пісьменнікаў «Кніжным радком пра вайну». Алея прадстаўляе сабой вулічную экспазіцыю каля сцен бібліятэкі, у рамках якой на 15 стэндах размешчаны інфармацыйныя матэрыялы з патрэтамі баранавіцкіх пісьменнікаў, кароткімі біяграфічнымі звесткамі і аўтарскім творам, прысвечаным падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Інтэрактыўны характар экспазіцыі надае наяўнасць на кожным стэндзе QR-кода, які выводзіць на персанальную старонку аўтара, створаную на бібліятэчным вэб-сайце. А тая акалічнасць, што частка твораў прапанавана ў двух фарматах – друкаваным і аўдыязапісе ў выкананні аўтара – надае віртуальнай версіі экспазіцыі краязнаўча-мемарыяльны характар, захоўваючы для нас галасы таленавітыха землякоў. А для тых, хто па нейкіх прычынах не мае магчымасці ўбачыць інтэрактыўную алею «ўжывую», бібліятэкары прапануюць азнаёміцца з яе віртуальным аналагам.

Інтэрактыўная панарама «Героі Вялікай Айчыннай вайны ў назвах вуліц» ўвайшла ў шэраг практычных метадычных дапаможнікаў уласнай генерацыі разам з другім інтэлектуальна-гульнявым электронным рэсурсам – вэб-крыжаванкай «Іх імёнамі названы вуліцы горада». 
 
Тэму захавання памяці аб злачынствах фашысцкіх нелюдзей бібліятэчныя спецыялісты раскрылі ў буктрэйлерах «Несмяротны кніжны полк» і «Халакост. Памяць у сэрцах». Першы рэсурс прадстаўляе галіновыя выданні на тэму генацыду беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Своеасаблівая віртуальная дакументная выстаўка з’яўляецца даволі запатрабаваным практычным метадычным рэсурсам, аб чым сведчаць лічбы віртуальных наведванняў гэтай старонкі бібліятэчнага сайта.

Буктрэйлер «Халакост. Памяць у сэрцах» прадстаўляе мастацкія выданні на заяўленую тэматыку. Патрэбна адзначыць, што падрыхтоўка гэтага электроннага кніжнага агляду патрабавала ад бібліятэчнага спецыяліста шмат душэўных сіл, таму што вывучаць кнігі аб страшных злачынствах фашыстаў над цэлым народам – ад немаўлят да старых нямоглых людзей – вельмі цяжка ў псіхалагічным плане. 

Важная акалічнасць: усе выданані, прадстаўленыя ў буктрэйлерах, маюцца ў бібліятэчным кніжным фондзе. 

Інфармацыйнае забеспячэнне важнай для ўсяго беларускага народа даты – 80-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – адказная задача, якая стаіць перад бібліятэкай. Сёння на службе спецыялістаў маецца багаты арсенал сучасных інтэрактыўных сродкаў, якімі ўпэўнена валодаюць прафесіяналы. Гэта – гарантыя таго, што інтэлектуальныя прадукты ўласнай генерацыі стануць запатрабаванымі сярод калег і сацыяльных партнёраў.

Іна РУШНІЦКАЯ, загадчык сектара маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ЦГБ імя В. Таўлая




  • Мы в социальных сетях: