Наверх

«Чытаем Купалу разам»: баранавічанка ўдзельнічае ў рэспубліканскай акцыі. Далучайся і ты!

12.07.2022 636 Наш край

chytaem-kupalu-razam.jpgНацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі запрасіў беларусаў да 21 ліпеня далучацца да рэспубліканскай творчай акцыі «Чытаем Купалу разам», прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння вялікага песняра Беларусі.

«Асноўная мэта нашай акцыі – аб’яднаць беларускіх дзяцей і дарослых жывым і мілагучным Купалавым словам, якое засталося нам у спадчыну», – адзначылі арганізатары.

На працягу двух тыдняў усім жадаючым прапанавалі чытаць вершы Янкі Купалы, здымаць на відэа і размяшчаць сваё выкананне ў сацыяльных сетках. Абавязковая ўмова: трэба адзначаць інстаграм арганізатараў – акаўнт @nchtdm з хэштэгам #НЦХТДМКУПАЛА

Самых актыўных ўдзельнікаў акцыі ўзнагародзяць памятнымі падарункамі, а лепшыя выкананні вершаў будуць размешчаны ў тэлеграм канале Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і на youtube-канале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Сярод першых удзельнікаў акцыі – жыхарка Баранавічаў, мастацкі кіраўнік Палаца культуры нашага горада Валерыя Чарненка з пяцігадовай дачкой Алісай.

– Паўдзельнічаць у гэтай акцыі нам прапанавала Галіна Аляксандраўна Лук’янёнак – выхавацель творчай групы «Рамонак» у дзіцячым садку № 33, які наведвае мая дачка, – расказала гараджанка. – І, канечне, мы з Алісай вырашылі, што заспяваем: шмат жа вершаў Купалы сталі песнямі. Пэўны час я шукала той твор, які прыйдзецца нам па душы і па ўзросце. І знайшла! Песня «Дзве таполі» – такая меладычная, што мы закахаліся ў яе з першага праслухоўвання.

Нагадаем, натхніўшыся паэтычнымі радкамі Купалы, да 21 ліпеня ў творчай акцыі можаце паўдзельнічаць і вы.

Алена РАКУЦЬ

Відэа з асабістага архіва гераіні

Фота з сайта nchtdm.by




  • Мы в социальных сетях: