Школьным музеем зараз цяжка каго здзівіць. У выглядзе набору экспанатаў у асобна адведзеным пакоі яны ёсць у многіх дзіцячых садах і школах раёна.
Адны налічваюць некалькі экспазіцый, іншыя яшчэ толькі напаўняюцца рэчамі. У многіх установах адукацыі дзейнічаюць суполкі вучняў-экскурсаводаў, ёсць свае адметнасці і фішкі. Адным словам, праца вядзецца. Існаваў этнаграфічны куточак таксама і ў старэйшай інтэгрыраванай групе Мірнаўскай дзіцячы сад- сярэдняй школы. Добры куточак, але невялічкі і звычайны. Толькі выхавальніку мясцовай установы адукацыі Алене Ждановіч, якая за гэты самы куточак была ў адказе, хацелася, як кажуць, большага.
– Я марыла стварыць максімальна рэалістычны інтэр’ер сапраўднай сялянскай хаты, – кажа Алена Мікалаеўна. – Знайшлося для гэтага і адпаведнае памяшканне. Я звярталася да калег, знаёмых, каб яны дапамаглі ў падборы аўтэнтычных рэчаў, падзіліліся ўспамінамі, як выглядалі сялянскія хаты іх бабуль і прабабуль. Узгадала я і пра сваячніцу Таццяну, якая жыла ў Бярозаўскім раёне. У яе хаце было шмат саматканых дываноў, посцілак, яна прыгожа вышывала.
Сын Таццяны падараваў музею шмат гаспадарчых прыладаў працы, драўляную мэблю, дзяжу, пляценні з лазы, лапату для хлеба, посуд, посцілкі, пранік і качалку, прас, прасніцу, калаўрот, ручнікі, верацёны і шмат іншага. Паступова школьнае памяшканне пераўтварылася ў сялянскую хату, якую ў памяць аб гасціннай беларускай жанчыне вырашылі назваць «У Таццяны».
– Яшчэ нам вельмі б хацелася мець ткацкі станок і жорны. Справа ў тым, што часткі гэтых інструментаў у нас ёсць, але патрэбна правільна сабраць іх, – дзеліцца планамі Алена Мікалаеўна. – Наша беларуская хатка «У Таццяны» заўжды гатова для наведвальнікаў. Запрашаем да нас у госці!
Фота Мірнаўскай дзіцячы сад- сярэдняй школы
Больш фота тут