Наверх

40-гадовы юбілей адзначае адзін са старэйшых творчых калектываў Баранавіцкага раёна

09.10.2017 635 Наш край

Гэтай восенню 40-гадовы юбілей адзначае адзін са старэйшых творчых калектываў Баранавіцкага раёна – фальклорны гурт Перхавіцкага дома культуры «Сяброўкі».

І палілася песня звонка…

Сорак творчых гадоў, сотні рэпетыцый і выступленняў, апладысментаў і прыхільнікаў. А пачыналася гісторыя «Сябровак» у 1977 годзе. Менавіта тады загадчыца Перхавіцкага дома культуры Віталія Говар сабрала вакол сябе актыўных, вясёлых вясковых прыгажунь, якія выдатна ведалі мясцовую песенную традыцыю, манеру выканання і маглі ўсё гэта яскрава ўвасобіць. І працэс пайшоў – па акрузе паліліся мілагучныя, душэўныя народныя напевы. У хуткім часе гурт стаў папаўняцца. Дарэчы, у ім калісьці налічвалася каля сарака чалавек.

– На рэпетыцыі многія прыхо-дзілі сем’ямі, – успамінае самая старэйшая ўдзельніца калектыву Марыя Малахвей.– У складзе гурта былі і работнікі культуры, і настаўнікі, і выхавацелі, і калгаснікі. Усіх яднала любоў да народнай песні.

– Нашай першай прэм’ерай, як кажуць на вялікай сцэне, стаў спектакль па п’есе Леапольда Радзевіча «Збянтэжаны Саўка». Галоўная роля тады дасталася майму мужу, – далучаецца да размовы Валянціна Прыход. – Нас, артыстаў, гледачы вельмі цёпла і ўдзячна сустракалі, што надало большай упэўненасці. Далей былі «Вячоркі», шлюбныя абрады і шмат іншага.

Тварыць адзінай сям’ёй

На працягу трыццаці гадоў гуртом кіравала Віталія Мікалаеўна Говар. Затым эстафету ад яе пераняла Алена Казіміраўна Вілента, якая ўважліва ставіцца да падбору рэпертуару, разам з удзельнікамі робіць пастаноўкі розных абрадаў, канцэртных нумароў, дзякуючы чаму кожнае выступленне «Сябровак» і па сенняшні дзень уяўляе сабой адметнае, непаўторнае, запамінальнае дзейства. Часцей за ўсё гэта сінтэз песні, абраду, гульні і танца.

– Кожны ўдзельнік нашага калектыву ўносіць свае ідэі і прапановы, так нараджаюцца нашы творчыя нумары, – расказвае Алена Вілента.

– Самая сапраўдная хадзячая энцыклапедыя беларускай песні – Галіна Юрчык. На рэпетыцыю яна кожны раз прыходзіць з новай песняй. Актыўная і памяркоўная – Валянціна Прыход. Ніводнае выступленне не абыходзіцца без Галіны Хмарык, Марыны Пучко, Людмілы Кукет, Наталлі Церан і Аляксандра Кучуры. На жаль, Аляксандр пакуль у нас адзіны мужчына ў калектыве, але сваім характарам і талентам ён можа замяніць дзесятак іншых. Ну і, канечне, нельга не сказаць пра самую старэйшую і самую галасістую ўдзельніцу – Марыю Малахвей, якая, апроч іншага, з’яўляецца нашым майстрам па ткацтву.

Рэпетыцыі ў «Сябровак» праходзяць па-хатняму: здаецца, што ты папаў да кагосьці ў госці. Жанчыны адораны пачуццём гумару, а ў вузкім коле пра іх кажуць: «То спяваюць, то рагочуць». Напэўна, таму ў іх атрымліваецца шмат гадоў быць побач і ні разу не пасварыцца.
– Нават не ўяўляю сябе без нашага калектыву, – кажа Наталля Церан. – На рэпетыцыях мы і нагаворымся, і насмяёмся, і падбадзёрым адна адну ў цяжкіх сітуацыях.

Музыка кроснаў

Усе ўдзельнікі калектыву безадмоўныя. Яны гатовы ехаць на любое мерапрыемства. Актыўна выступаюць «Сяброўкі» на раённых, рэгіянальных фестывалях і святах, яны з радасцю знаёмяць з народнай спадчынай падрастаючае пакаленне. Дарэчы, у Перхавіцкім доме культуры створаны куток беларускага побыту, дзе праходзяць шлюбныя абрады, экскурсіі. Але асаблівы гонар «Сябровак» – каларытныя строі, якія сваімі рукамі пашылі самі ўдзельніцы. А тканіну для касцюмаў выткала Марыя Малахвей.

– Раней амаль у кожнай хаце на самым пачэсным месцы стаяў ткацкі станок, цяпер жа кросны рэдкасць, – гаворыць Марыя Сямёнаўна. – За ткацкім станком я з маленства. Ткаць навучылася ад маці. Чаго толькі не даводзілася ткаць: посцілкі, дываны, рушнікі.Па словах ткачыхі, старажытным майстэрствам ткацтва можа авалодаць любы, а вось заснаваць узор зможа не кожны. Трэба валодаць сапраўднай ткацкай матэматыкай, дакладна разлічыць, якога колеру і ў якой паслядоўнасці будуць ісці ніткі.

– Вось, глядзіце, якія рушнікі, – паказвае Марыя Малахвей. – Такія рэчы таксама не проста выткаць. Патрэбна кожную кветачку, кожны лісточак, як гавораць, перабраць, выкласці рукамі. Парадак узораў запісвалі заўседы ў сшыткі, пасля дзяліліся жанчыны гэтымі схемамі адна з адной.

«Просім у хату, госцейкі нашы»

На працягу дзейнасці гурта яго ўдзельнікі не толькі захоўваюць і спяваюць песні, якія спявалі іх маці і бабулі, але і праводзяць народныя абрады, характэрныя для нашай мясцовасці.Сапраўднай візітнай карткай калектыву стаў абрад «Уваходзіны»(«Наваселле») – сямейная ўрачыстасць з нагоды пераезду ў новую хату.
Абрад наваселля мае глыбокае значэнне, у тым ліку і псіхалагічнае.

– Калі ласка, госці дарагія! Запрашаем вас у нашу хатку! – сустракаюць гасцей гаспадары «новабудоўлі».Але далей сенцаў пакуль не пускаюць. Паводле старажытнага звычаю першымі ў хату павінны зайсці кот ці певень.

На месцы, куды яны сядуць, гаспадары паставяць ложак, а потым і дзіцячую калыску. Толькі пасля гэтага гасцей запрашаюць за сталы.Прысмакаў на святочнай вячэры вялікае мноства, бо здаўна лічыцца: як сустрэнеш гасцей у новым доме, так і жыць у ім будзеш. Галоўнае месца займае хлеб – сімвал дабрабыту і багацця, які гаспадары і госці разам выпякаюць у новай печы.

Гасцей на «Уваходзінах» звычайна шмат. Тут табе і родныя, і суседзі – бадай, уся вёска. Тлумачыцца гэта проста: у нашых продкаў быў звычай брацца за работу талакой – усім разам, таму будаўніцтва вялося хутка. У новую хату ні адзін госць не ішоў з пустымі рукамі, былі такія падарункі: падкова (каб шчасце ніколі не пакідала дом), салома (калі давядзецца каму-небудзь зваліцца, яна заўсёды павінна быць пад рукой), сальніца з соллю (недасол на стале – перасол на спіне), яйка (каб куры добра несліся), капуста (на дзяцей). Жадаюць гаспадарам хаты добрага жыцця прыпеўкамі. Гаспадары рыхтуюць для гасцей традыцыйныя гульні і забавы…Чаго-чаго, а самабытнасці, таленту і гасціннасці фальклорнаму калектыву «Сяброўкі» не займаць. Артысты ўсё гэтак жа поўныя энергіі, жывуць з бляскам у вачах і гатовы дзяліцца сваімі творчымі набыткамі.

Іна ГАНЧАР.
Фота i вiдэа аўтара.



  • Мы в социальных сетях: