У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.
Таксама і ў нашым дзіцячым садку № 53 адбылося фальклорнае музычна-спартыўнае свята «Купалле». Гэтае мерапрыемства ладзілася з мэтай далучыць дзяцей да беларускай культуры, да нашых старадаўніх традыцый і самае галоўнае – падарыць дзецям пазітыўныя ўражанні, радасць, святочны настрой, зарад бадзёрасці і здароўя.
У свяце прымалі ўдзел выхаванцы груп. У пачатку святочнай праграмы Купалінка распачала гаворку пра гісторыю ўзнікнення Купалля, паведала, адкуль пайшло гэтае свята, пазнаёміла дзяцей з традыцыямі святкавання. Дзеці разам з Купалінкай і Іванам Купалам вадзілі карагоды, спявалі песні, удзельнічалі ў гульнях, скакалі праз імправізаванае вогнішча. На свята прыйшла і нячыстая сіла ‒ Баба Яга і Лясун, якія пыталіся нашкодзіць, але потым сталі прасіцца, каб іх не гналі, абяцалі быць добрымі, “дзетак малых не пужаць”…
Асобная радасць была ў дзяўчынак. Яны надзявалі вяночкі і вадзілі карагод: паглядзіце, якія цудоўныя вяночкі сплялі дзяўчаткам іх матулі і выхавальніцы з купальскіх зёлак. Кожная купальская зёлка мае сваю вельмі цікавую гісторыю. Па кветках, верылі людзі, можна даведацца аб здароўі сваіх родных. Для гэтага напярэдадні купальскай ночы трэба ўваткнуць кветку купалкі паміж бярвенняў хаты і загадаць на чалавека. Калі кветка пасля ранішняй расы не звяне, значыць, таму, на каго загадалі, жыць доўгія гады.
Кульмінацыяй свята стаў пошук цудадзейнай папараць-кветкі. Яна была знойдзена пад дрэвам, а таксама быў знойдзены куфэрачак з салодкім кладам для ўсіх дзетак. Вось і скончылася наша купальскае свята!
Дзяўчынкі наспяваліся,
Хлопцы нагуляліся,
Бабкі насядзеліся,
Музыкі наіграліся.
А вам, дарагія госці,
Дзякуй, што наглядзеліся!
Жана Вячаславаўна, намеснік загадчыка
Больш фота - тут