Наверх

Урокі бізнесу праводзяць у Лаўрынавіцкай дзіцячы сад ‒ сярэдняй школе

23.03.2018 422 Наш край

Час не стаіць на месцы. Калі б некалькі гадоў назад настаўнікам сказалі, што поруч з вучэбнай праграмай у школы прыйдзе бізнес, ніхто б гэтаму не паверыў. Але рэаліі сённяшняга жыцця такія, што школьныя бізнес-кампаніі займаюць трывалае месца ў жыцці вучняў і настаўнікаў.

Наша школьная бізнес-кампанія “Лаўры” пачала сваё жыццё ў гэтым навучальным годзе, са студзеня. Узначаліла яе настаўніца матэматыкі Паўлоўская Наталля Аляксандраўна, а разам з ёю ў кіраўніцтва кампаніяй увайшлі вучні старэйшых класаў. “У школе – мы вучні, у жыцці – паспяховыя прадпрымальнікі!” – такі дэвіз нашых юных бізнесменаў. У працэсе дзейнасці бізнес-кампаніі былі створаны эмблема і буклет, распрацаваны разам з эканамістамі прэйскурант цэн на прадукцыю, размешчана рэклама сувеніраў у сацыяльных сетках.

Вельмі скептычна настаўнікі, вучні і бацькі аднесліся спачатку да такога віду дзейнасці. Але дзякуючы сумесным намаганням бізнес-кампанія “Лаўры” пачала паступова набіраць абароты. На сёння установа адукацыі атрымала 182,90 руб. за продаж сувенірнай прадукцыі. Вучні маюць магчымасць атрымліваць практычны вопыт у галіне прадпрымальніцтва.

Школьная бізнес-кампанія цесна супрацоўнічае з гуртком “Народная лялька”, які ўзначальвае таленавіты, крэатыўны чалавек Койпаш Ганна Віктараўна. Іменна дзякуючы гурткоўцам нашы вучні, настаўнікі, бацькі даведаліся аб гісторыі кожнай лялькі, якая з’яўляецца асноўным сувенірным прадуктам, прызначаным для продажу. Мы рэалізуем лялькі-неразлучнікі, лялькі-пакетніцы, лялькі-дзесяціручкі, лялькі-траўніцы і інш. Кожны, хто працуе над стварэннем вобраза лялькі, укладае часцінку сваёй душы і сэрца ў гэту працу.

У дапамогу бізнес-кампаніі ў школе працуе і гурток “Школа юнага прадпрымальніка”, якім кіруе Паўлоўская Вольга Віктараўна, старшы выкладчык кафедры маркетынгу і менеджменту Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Іменна на гэтым гуртку школьнікі вучацца пралічваць усе плюсы і мінусы прадпрымальніцкай дзейнасці, рабіць рэкламу сваёй прадукцыі.

Адміністрацыя школы наладзіла сувязі з Дзяржаўным музеем беларускай літаратуры, з Баранавіцкім краязнаўчым музеем, Баранавіцкім філіялам РСУП “Брэстплемпрадпрыемства”, з аграсядзібай “Лявоніха”. І наша бізнес-кампанія паспяхова супрацоўнічае з гэтымі ўстановамі.

Юным прадпрымальнікам нашай школы прыемна бачыць, што іх вырабы, зробленыя сваімі рукамі, запатрабаваны. У настаўнікаў і вучняў нашай школы не ўзнікае праблемы, дзе і што купіць у падарунак у сувязі са шматлікімі святамі.

Бізнес-кампанія – гэта дадатковая прыбыль да бюджэту школы, што з’яўляецца карысным і актуальным у наш час. Вучні, якія задзейнічаны ў развіцці школьнага бізнесу, праводзяць свой час з карысцю, атрымліваюць веды і ўменні, якія спатрэбяцца ім у дарослым жыцці.

Святлана Раманка, педагог-арганізатар ДУА”Лаўрынавіцкая дзіцячы сад ‒ сярэдняя школа”.



  • Мы в социальных сетях: